Работа дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа №19 г.Магілёва”
па папулярызацыі беларускай мовы

22 снежня

У любога народа ёсць імёны, якія павінен ведаць кожны. У вучняў першых класаў адбылося знаёмства з імем і асобай беларускай асветніцы і святой – Еўфрасінні Полацкай. Ефрасiння Полацкая для нас — наша гордасць i наша нябесная заступнiца. Можа, дзякуючы ёй, наш беларускi народ, нягледзячы на ўсе цяжкасцi i выпрабаваннi, што пасылае яму час, застаецца дружалюбным, мiралюбiвым, цярплiвым i чулым да чужой бяды.

15 снежня

Сення ў бібліятэцы школы   вучняў 3-іх класаў чакала займальная гадзіна “Беларуская казка – розуму падказка”. Вучні пазнаёміліся з новымі казкамі, чыталі ўрыўкі вядомых казак па ролях, разгадвалі загадкі. Вынікам займальнай гадзіны стала складанне ўласных казак на беларускай мове. А ці можа сэнс казкі хавацца ў адной праказцы?  Так. Але знайсці яго могуць самыя кемлівыя…

 

10 снежня

У гэтым годзе адзначаюцца юбілеі дзвюх зорак беларускай літаратуры - Максіма Багдановіча і Алаізы Пашкевіч (Цёткі). Цётцы спаўняецца 140 год з дня нараджэння, а Максіму Багдановічу – 125.  У гэтых іменах цэлы пласт нашай культуры, рысы, якія назаўжды акрэслілі адметнае аблічча беларускай нацыі. Яшчэ раз звярнуць увагу школьнікаў на высокія вобразы паэтаў-рамантыкаў дазволіла літаратурная вечарына «Нязгасныя зоркі на беларускім небасхіле», якая прайшла 10 снежня ў школьнай бібліятэцы. Вучні параўналі творчасць і жыццёвы шлях паэтаў, знайшлі падабенства паміж імі, чыталі іх вершы, пазнаеміліся з выставай кніг, якія есць у бібліятэцы.

Загадчык бібліятэкай Т.М. Скрылькова

 

9 снежня

    Ён навучыў, здаецца, гаварыць

                                                                            Па-беларуску нават кіпарысы.

Янка Сіпакоў

   9 снежня наша школа разам з усёй краінай адзначала Максімаў дзень: 125-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча. У гэты дзень у фае школы  была аформлена паэтычная старонка, дзе вучні, бацькі і настаўнікі маглі пазнаёміцца з цудоўнымі радкамі вершаў паэта. У кабінеце беларускай мовы і літаратуры на перапынках гучалі песні на словы Максіма Багдановіча. Актыўны ўдзел у святкаванні прынялі вучні 11-х класаў, яны на ўроках беларускай мовы пісалі пераказ “Пазначаны знакам генія”, а вучаніца 11 “А” класа Сямёнава Лаліта прыняла ўдзел у конкурсе “Мой Максім Багдановіч”, аб’яўлены Літаратурным музеем Максіма Багдановіча. У гэты зімовы дзень настаўнікі праводзілі ўрокі Багдановіча, дзе расказвалі пра жыццёвы і творчы шлях паэта, чыталі вершы  пра  зорку Венеру,  пра зімовы вечар,  пра спрытнага матылька. Максімаў дзень у нашай школе атрымаўся, як і творчасць паэта, душэўным і напеўным.

8 снежня

Завочнае падарожжа па Брэсцкай крэпасці здзейснілі вучні 2 класса разам са  сваёй настаўніцай Казлоўскай Алесяй Алегаўнай. Вучні даведаліся, якую  вялікую цану заплацілі воіны Брэсцкай крэпасці у ліпені 1941 года за сенняшняе мірнае неба. Школьнкі, уражаныя  стойкасцю і мужнасцю савецкіх воінаў, папрасілі сваю настаўніцу наведаць мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць – горад герой”.  

1 снежня

У тым, што «навука для чалавека як сонца для жыцця, а вучэнне без умення не карысць, а бяда» ўпэўніліся вучні трэціх класаў падчас мерапрыемства “Прыказкі і прымаўкі-залацінкі народнай мудрасці”. Сапраўды, прыказкі і прымаўкі – гэта своеасаблівыя аксіёмы, якія даказалі права на сваё існаванне тысячагоддзямі. А мудрасць, заключаная ў іх, адначасова простая і змястроўная, дакладная і  лаканічная.

Наталлля Сяргееўна Казлоўская не толькі пазнаёміла школьнікаў з фальклорнымі здабыткамі нашых продкаў, але і  зацікавіла вучняў непаўторнасцю, асаблівай выразнасцю гучання фальклорных твораў.

 

<<<на главную